Архив новостей
25.02.2019
На базе ГУО "Гимназия №174 г. Минска" прошел конкурс любителей родного слова
Конкурс аматараў роднага слова
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы аматараў паэзіі вось ужо ў другі раз гасцінна запрасіла гімназія № 174.
Два дні тут працягвалася сапраўднае свята.Яно было накіравана на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў школьнікаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.

Добрая прыкмета таго, што свята гэтае – сапраўдная патрэба нашага сучаснага грамадства, – поўная зала, дзе на шчырым твары ў кожнага чыталіся павага і ўлюбёнасць у роднае слова.
Напачатку – выступленні творчых калектываў, прывітальныя словы, прадстаўленне гасцей. Сказана і пра кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі настаўнікі з розных навучальных устаноў, бібліятэкары, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.
Далей - конкурс. У розных узроставых групах вучні чыталі вершы беларускіх класікаў і сучасных аўтараў. У малодшай узроставай групе чытальнікі звярнуліся да твораў Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, В. Вярбы, І. Муравейкі, М. Маляўкі і іншых аўтараў. Пераможцамі гэтай узроставай катэгорыі сталі Граздова Кіра (СШ № 67), Цітоў Іван і Цітова Марыя (СШ № 101), Бачышча Каміла (СШ № 60), Булаш Раман(СШ № 165).
Сярод вучняў 5-11 класаў часцей гучалі творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Караткевіча, Е. Лось, А. Зэкава і многіх маладых аўтараў.
Тэматыка вершаў была самая разнастайная. Цікава былі прадэманстраваны вершаваныя кампазіцыі “Край мой беларускі” і “Чарнобыльскі боль”.
Дыпломы I ступені атрымалі ў наступных узроставых групах: 5-6 класы -Зязетка Ульяна (СШ № 25), Шаўчук Ганна (СШ №101), Ярмалкевіч Маргарыта (гімназія № 174); 7-8 классы – Латушкін Іван (гімназія № 174), Казначэеў Святаслаў (СШ № 26); 9-11 класы - Пасмецьева Ганна (СШ №101 ) і Пілюгін Аляксей (СШ № 83).

Членаў журы ўразіла акцёрскае майстэрства выкананння твораў, выразнасць маўлення і кампазіцыйная цэласнасць выступлення.
Усе чытальнікі, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны дыпломамі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна.
У гэтым годзе прыемна здзівілі слухачоў і журы вучні, якія прадставілі вершы ўласнага сачынення. Перш за ўсё – іх было больш у параўнанні з папярэднім годам. Было прадстаўлена цэлае сузор’е маладых талентаў у розных узроставых катэгорыях. Вершы закранулі слухачоў шчырай і пранікнёнай любоўю да роднай мовы, прыроды.
У юных аўтараў быў свой позірк, свае адносіны. Прыемна адзначыць, што многія прысвячалі свае вершы малой радзіме, вядомым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сведчыць пра захаванне высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры.
Пераможцамі ў намінацыі “Уласныя вершы” сталі Каляціна Яна, вучаніца 3-яга класа СШ № 3(верш “Дакраніся да сэрца”), Півавараў Андрэй, вучань гімназіі № 174( верш “Дыялог з Вялікім”), Цецерукова Юлія, вучаніца 9-ага класа СШ № 215 ( верш “У пошуках шчасця”).
Майстар-клас паэта Анатоля Зэкава натхніў юных аўтараў на новыя ідэі, на стварэнне новых вершаў.

Конкурс яшчэ раз пацвердзіў, што функцыя паэзіі выяўляецца ў наладжванні духоўных кантактаў паміж паэтам і яго чытачамі, з аднаго боку, і паміж самімі чытачамі — з другога. Паэзія — гэта сродак духоўна-эмацыянальных зносін паміж людзьмі.
Кажуць, што паэты— людзі шчаслівыя. Яны ўспрымаюць свет асабліва: абвострана, усімі пачуццямі. Яны здольныя ўбачыць і паказаць прыгожае ў штодзённым, звычайным.
І гэта адчувалася у выступленнях Уладзiмiра Вiкенцьевiча Мароза, празаіка, паэта, публіцыста, Яны Паўлаўны Явіч, дзіцячай пісьменніцы.
Напрыканцы вучні і настаўнікі атрымалі у падарунак ад пісьменнікаў кнігі з іх аўтографамі.
Але самае галоўнае, што атрымалі ўдзельнікі і прысутныя на гэтым конкурсе, - гэта творчую атмасферу, добры настрой і жаданне аберагаць і распаўсюджваць нашу самабытную, багатую і мілагучную мову.
Ганна Казлова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска”,
член журы конкурсу.
Так же можно почитать...